Вы знаходзіцеся: Планаванне ў пчалярстве
Бягучае планаванне. У вытворча-фінансавым плане калгасу і саўгаса нароўні з іншымі галінамі сельскай гаспадаркі плануюць таксама і асноўныя паказчыкі па развіцці пчалярства. Пчалярскія брыгады, фермы, аддзяленне і асобныя пчальнікі ўсю сваю працу будуюць у адпаведнасці з патрабаваннямі вытворча-фінансавага плану, які прадугледжвае: рух пчаліных сем'яў на працягу года (купля, прырост, продаж) і колькасць сем'яў на пачатак наступнага года; вытворчасць на пчальніку мёда, воску, а таксама іншай прадукцыі пчалярства; рэалізацыю пчалярскай прадукцыі; выдаткі працы на пчальніку (пчалярскай ферме); прыбыткі ў грашовым выразе; калькуляцыю сабекошту прадуктаў пчалярства; капітальны рамонт і будаўніцтва пчалярскіх памяшканняў; падрыхтоўку кадраў пчалярства.
Рух пчаліных сем'яў плануюць, зыходзячы з перспектыўнага плану развіцця гаспадаркі і яго запатрабаванняў у пчолах як апыляльніках сельскагаспадарчых культур. Пры планаванні вытворчасці прадукцыі пчалярства ўлічваюць паказчыкі мінулых гадоў, стан кармавой базы для пчол, магчымасць вывазу пчаліных сем'яў на медазбор, забяспечанасць сотамі, а таксама тэхнічную абсталяванасць пчальніка. Капітальны рамонт і будаўніцтва пчалярскіх памяшканняў плануюць у залежнасці ад запатрабавання пчалярскай фермы ці пчальнікі ў новых вытворчых аб'ектах ці рамонце існых зімоўнікаў, пчальніковых хат, складоў і т. д. Прадугледжваюць куплю новых вулляў, вашчыны, пчалярскага інвентара і іншых неабходных для пчальніка прыладдзя.
Яшчэ да пачатку пчалярскага сезону пчаляр па паказчыках вытворча-фінансавага плану павінен ведаць не толькі заданне па вытворчасці мёда, воску і іншых прадуктаў пчалярства, але і грашовыя сродкі, прадугледжаныя для патрэб пчальніка на працягу года.
|